Новости проекта
С Новым годом и Рождеством!
Разъяснение ситуации с рекламой и предупреждением МАРТ
Обновленные функции Schools.by
Голосование
Пользуетесь ли вы мобильным приложением Schools.by?
Всего 0 человек

История хозяйства

Дата: 22 сентября 2017 в 14:37, Обновлено 15 апреля 2024 в 10:39

Гісторыя гаспадаркі "Рагінь".

У Рагіні у 20-я – 30-я гады дзейнічалі млыны: каля могілак – млын Куцанавых, у пасёлку Культура – млын  Буксовых.

Працавала і рака Чачора. Каля 1-га маста (галоўнае русла) з вялікай нагрузкай працаваў вадзяны млын. У дні памолу зерня вялізнае кола грымела пад націскам вады.

Непадалёку, каля другога моста, на шляху ў Рудзенку і Дзербічы, яшчэ стаяла старая-старая пабудова. Гэта была сукнавальня, пабудаваная ў 1659 годзе, яна вырабляла шэрае салдацкае сукно для салдацкіх шынеляў.

У 30-я гады ў вёсцы было шмат умельцаў, добрых спецыялістаў.

Кузнец Сарокін жыў у дагледжанай хатцы каля возера, пры дарозе на Лозаў. Нягледзячы на інваліднасць, працаваў за траіх. Усе яго вырабы былі высокай якасці, а як прыгожа ён працаваў!

Кузнец Вальхавіцкі выконваў у саўгасе і калгасе ўсе кузнечныя і слясарныя работы. Быў “доктарам” для ўсіх сельскагаспадарчых машын.

Садавод Сурнакоў займаўся не толькі садам, ён стварыў парніковую гаспадарку, дзе ў тыя часы вырошчваў раннюю гародніну, эксперыментаваў, ствараў новыя сарты.

Млынар Балдоўскі адзін абслугоўваў паравы млын на дызельным паліве.

Стары Сямён Чарнякоў капаў калодзежы. Ён не проста іх капаў, а варажыў!. Знаходзіў грунты, кранаўся кожнага камячка зямлі, гліны і толькі пасля гэтага браўся за справу разам з сынамі. Каб выкапалі калодзеж, трэба было дачакацца  чаргі. А была яна не маленькая! Людзі лічылі ваду ў яго калодзежах цудадзейнай!

Адзіным спецыялістам па забою рагатай жывёлы, свіней быў Смолкін Машабер. У кожнага ў двары была жывёла, але не кожны мог падняць руку на свайго любімца… Вось і звалі Машабера.

Карабейнікам на калёсах быў Гусакоў. У яго “па дробязі” быў розны тавар, з якім і раз’язжаў па навакольных вёсках. Асабліва яго прыезду чакалі дзеці, бо можна было набыць так званыя “кніжкі-капейкі”.

Добрым майстрам па пашыву адзення быў Пухаў.

Па сутнасці умельцамі былі ўсе. Быў у рагінцаў своеасаблівы дэвіз: “Як патопаеш, так і палопаеш!”

Першая спроба арганізаваць калектыўныя гаспадаркі адбылася  ў пачатку 20-х гадоў. Калгас “Чырвоны сцяг” не праіснаваў і года. 

Калектывізацыя прайшла ў Рагіні ў 1929 – 1931 годзе. У 1929  годзе створаны калгас “Авангард”. Актыўнымі арганізатарамі калгаса былі Сальнікаў Аляксей Рыгоравіч, Фурманаў Ахрэм Юравіч, Вераб’ёў Даніла, настаўнік Сільчанка М.П. Старшынёй калгаса быў выбраны Сальнікаў А.Р. Калгас быў эканамічна слабым (каля 40 коней), юрыдычна не быў аформлены  і хутка распаўся. 

У 1931 годзе арганізаваны калгас “Улада Саветаў”. У ім было 200 коней і складаўся ён з чатырох брыгад. Калгас “Улада Саветаў” быў у канцы 30-х гадоў эканамічна моцнай гаспадаркай. Першым старшынёй калгаса стаў Сальнікаў Аляксей Рыгоравіч. Суровы быў чалавек.

Падчас калектывізацыі раскулачылі і выслалі дзве сям’і: Куцанава і Мартынава Дзям’яна Фаміча. Яны былі добрымі гаспадарамі, вялікімі працаўнікамі, шматдзетнымі. Ніякай варожай дзейнасці не праводзілі. Абараніць іх не змог ніхто. У калгас не ўступілі толькі браты Кажэўнікавы: Тарас і Якаў. Тарас, як больш багаты,  вымушаны быў распрадаць сваю маёмасць і з’ехаў з Рагіні. Якаў пасяліўся на балоце паміж Рагінню і Пяскамі. У яго быў конь, стаў вазіць людзей па іх патрэбам. Усе падаткі плаціў дзяржаве, так і жыў.

Актывістамі калгаснага будаўніцтва былі Тарбянковы, Сальнікавы, Шаўцовы. Цяжкае было жыццё, але ніхто не галадаў. Дапамагалі адзін аднаму. Святы сумесна адзначалі. Асаблівым было свята “День принятия Акта о закреплении земли в вечное пользование”. Накрываўся агульны стол на двары, весяліліся, ў меру ўжывалі спіртныя напоі, закусвалі. Увогуле, п’яніц у той час у Рагіні не было. Яны з’явіліся пазней.

Саўгас “Рагінь”, створаны ў фальварку ў пачатку 20-х гадоў, дзёйнічаў эфектыўна і праіснаваў да 1941 года. Саўгас з’яўляўся узорнай шматгаліновай гаспадаркай. Галоўны напрамак – жывёлагадоўля і зерневыя культуры. Добры прыбытак атрымлівалі і ад садоўніцтва. Ад памешчыка засталіся два старых сада, а потым энтузіяст-садавод Сурнакоў Мікалай Кандратавіч (з Дзербіч) арганізаваў пасадку маладога саду (1930 – 1931 гг.). Рабочыя абслугоўвалі, апрацоўвалі сад, а вясной здавалі яго ў арэнду прадстаўнікам прадпрыемстваў з паўночных гарадоў СССР. Арандатары аберагалі сад, збіралі ўраджай, а потым адпраўлялі яблыкі па чыгунцы ў свае гарады.

Адным з першых дырэктараў саўгаса быў Іван Чэлычаў, стары бальшавік, добры і разумны гаспадар, але малапісьменны. Усю дакументацыю вёў яго сын Мацвей.

У 30-я гады саўгасам кіраваў Павел Яўціх’евіч Макееў. (Памёр у канцы 80-х гадоў, пахаваны ў Мінску).

У саўгасе былі розныя крыніцы прыбытку: ад спіртзавода, якім кіраваў Рубінчык і ад цэха па перапрацоўцы малака, якім кіраваў майстар высокага класу Шапіра. Шапіра арганізаваў выпуск сыра “Бакштэйн” (па тэхналогіі “Галандскага”). Найбольш прыбытковым прадпрыемствам быў спірзавод саўгаса. Гэта была зусім ціхая вытворчасць. Парушалася цішыня толькі 21 студзеня кожны год у 18 гадзін 50 хвілін. У гэты час гучаў магутны прарыўны гудок, які быў напамінам аб часе смерці У.І. Леніна.

Акрамя сваёй асноўнай прадукцыі спіртзавод  меў вялікія адходы брагі (барды), якой забяспечвалі скотныя двары саўгаса і калгаса для падкормкі кароў.

Было арганізавана лячэнне і лепшых “сяброў” чалавека – усёй дамашняй жывёлы: кароў, коней. З гэтай працай выдатна спраўляўся кваліфікаваны ветэрынарны ўрач саўгаса Аляксандр Ваткевіч. Ён бясплатна (не лічыўся з часам) аказваў дапамогу і саўгаснай, і калгаснай жывёле, і жывёле з прыватных гаспадарак.

У саўгасе, каля вялізнага гумна стаяў магутны “лакамабіль”, падобны на паравоз даваенных часоў. Ён забяспечваў малацьбу зерневых.

Дзесьці у 30-я гады, каля спіртзавода быў пабудаваны паравы млын, які працаваў на дызельным паліве.

Электрычнага асвятлення ў далёкія 20 – 50-я гады ХХ стагоддзя не існавала. (Элекрычнае святло ў дамах рагінцаў з’явілася толькі ў 1958 годзе). У сярэдзіне 30-х гадоў на спіртзаводзе была ўстаноўлена маламагутная дынамамашына, якая давала свет для патрэб сваёй вытворчасці. На скотных дварах, складах і іншых вытворчых памяшканнях крыніцай свету былі керасінавыя ліхтары “Лятучыя мышы”. У хатах, у школе ў вячэрні час запальвалі звычайныя керасінавыя лямпы.

Сур’ёзным недахопам у гаспадарцы саўгаса былі адсутнасць механізацыі, тэхнічных сродкаў, электраэнергіі. У 1933 годзе пачалі прымяняць снопавязалкі. Былі такія сельскагаспадарчыя механізмы, у якія запрагалі коней  і гэта снопавязалка касіла жыта, пшаніцу і адначасова вязала снапы спецыяльным шпагатам з марской травы, які прымацоўваўся да вялікіх катушак. Потым з’явіліся амерыканскія трактары “Фордзоны”, савецкія ленінградскія “Путиловцы”. У 1932 годзе купілі першую аўтамашыну палутарку “Форд”. Для ўсіх яна была цудам тэхнікі. Першым шафёрам быў Касьянаў. Ён быў адзеты ў скураныя галіфэ і куртку і яму  зайздросцілі ўсе рагінскія хлопцы.

Саўгас з’яўляўся не толькі вопытна-узорнай гаспадаркай, гэта быў цэнтрам культуры Рагіні. Тут быў цудоўны клуб, дагледжаны парк, фізкультурнае абсталяванне ў парку. Вялікую ролю ў развіцці саўгаса выконвала партыйная ячэйка, якую доўгія гады ўзначальваў Далгавін.

Пасля вайны  дзейнасць саўгаса была адноўлена толькі ў 1957 годзе.

Рэвалюцыйныя святы заўсёды адзначаліся ў саўгасе і калгасе. Напярэдадні 1-га  Мая або чарговай гадавіны Вялікага Кастрычніка праводзіліся святочныя нарады ў клубе саўгаса. Перадавікам працы ўручалі падарункі. Яны былі простыя, але па таму часу каштоўныя (касцюмы, штаны з баваўнянай тканіны, якую называлі “чортавай скурай”; простыя рабочыя бацінкі, яловыя сапагі, адрэзы квяцістага паркалю і інш.).

У дзень свята ўсе збіраліся на горцы паміж царквой і старым будынкам школы. Тут ўжо стаяла трыбуна са ступенькамі, зробленая з дошак. Мітынгі былі сумесныя: рабочых саўгаса і калгаснікаў. З прамовамі выступалі: парторг саўгаса Далгавін, старшыня сельскага Савета Бяспалаў, сакратар камсамольскай ячэйкі Канстанцін Шаўцоў, піянеры, настаўнікі. Па заканчэнні мітынгу усе жадаючыя ішлі на дэманстрацыю. Узначальваў калону маленькі трактар “Путиловец”, які быў упрыгожаны елкамі і чырвонымі сцягамі. За ім ішлі знамяносцы, кіраўнікі саўгаса і калгаса, піянеры, рабочыя і калгаснікі. Гралі гармонікі, пелі песні: “Смело, товарищи, в ногу…», «Варшавянку» і інш. Ішлі па вуліцы ў напрамку Пяскоў, потым вярталіся да трыбуны, ішлі да цэнтра сяла і разыходзіліся па хатах. Вечарам у парку саўгаса святы прадаўжаліся. Там, пад стогадовымі ліпамі  і блакітнымі елкамі, накрываліся сталы і пры свеце ліхтароў адбывалася святочная вячэра.

У 1938 годзе у Рагіні была арганізавана МТС (машына-трактарная станцыя). Яна абслугоўвала ўсе навакольныя саўгасы і калгасы. Дзейнасць МТС была прыпынена ў1941 годзе і адноўлена толькі ў другой палове 40-х гадоў. У 1958 годзе МТС была рэарганізавана, а тэхніка перададзена гаспадаркам.

Толькі ў 1944 годзе была адноўлена дзейнасць калгаса “Улада Саветаў”. Старшынёй калгаса быў зноў абраны Сальнікаў Аляксей Рыгоравіч. У 1950 годзе былі аб’яднаны ў адзіную гаспадарку калгасы “Улада Саветаў” , “Чырвоны Сцяг”, “Камунар”.

У  адпаведнасці з загадам па Міністэрству саўгасаў Беларускай ССР № 141 ад 06.04.1957 года на базе пяці калгасаў (“Улада Саветаў”, імя К. Маркса, імя М.І. Калініна, імя Булганіна і “Селянін”) быў створаны саўгас “Рагінь” Буда-Кашалёўскага раёна, Гомельскай вобласці з 7 красавіка 1957 года.

У 1958 годзе да саўгаса быў далучаны Рагінскі спіртзавод.

У 1964 і 1965 гадах з саўгаса “Рагінь” былі выдзелены самастойныя гаспадаркі: саўгасы “Дзербічы”, “Шлях Ільіча”, “Чачора”.

У 1967 годзе саўгас меў 4628 га зямлі, у тым ліку пад сельскагаспадарчымі угоддзямі -3866 га. Ворыўныя землі складалі 2834 га, сенажаці -460 га, паша – 472 га, сады і ягаднікі – 107 га. На фермах саўгаса мелася 1678 галоў буйной рагатай жывёлы, 1025 свіней, у тым ліку 40 асноўных свінаматак. У саўгасе мелася 30 трактароў розных марак, 7 зерне-, 3 сіласа-, 7 бульбаўборачных камбайнаў, 13 зернесеялак, 4 бульбасажалкі. Быў створаны перадзвіжны механізаваны пункт для сарціроўкі бульбы і многае іншае.

Асноўны напрамак дзейнасці саўгаса –вытворчасць мяса і малака. Дырэктар саўгаса – Куніцкі Яраслаў Адольфавіч.

У 60-я гады былі пабудаваны бульбасховішча, зернесклад, адкормачны цэх на 200 галоў буйной рагатай жывёлы, сушыльны навес для цагельнага завода ў Лозаве, мост у вёсцы Рагінь, магазін у вёсцы Чырвоны Сцяг.

У 70-я і пачатку 80-х гадоў дырэктарам саўгаса “Рагінь” быў Рагоўскі Іван Арцёмавіч.

У 1965 годзе быў пабудаваны цэх па выпуску пладова-ягадных він і ўстаноўлена абсталяванне для атрымання сокаў. У гэтым жа годзе вінцэх быў перайменаваны ў пладова-ягадны завод. Гаспадарка мела больш 100 га сада. Вінаробчы цэх саўгаса-завода перапрацоўваў кожны год 500-550 тон пладоў і ягад і атрымліваў больш 60 тыс. дал віна. Усе выжымкі, якія атрымлівалі ад перапрацоўкі пладоў, у свежым выглядзе ішлі на корм жывёле або на АВМ саўгаса-завода, дзе з іх выраблялі гранулы.

У гаспадарцы дзейнічалі цэх па вытворчасці цэглы, пункт вітамінна-травяной мукі, лесапільны цэх, лесанарыхтоўчая брыгада, майстэрня па рамонту машынна-трактарнага парку і цэх па падрыхтоўцы канцэнтраваных кармоў.

У сярэдзіне 70-х гадоў пабудаваны будынак канторы саўгаса. У будынку канторы працуюць таксама клуб, бібліятэка, аддзяленне сувязі, зберкаса, сельскі Савет.

У 1976 годзе ў саўгасе “Рагінь” пабудавана трохэтажная школа.

З 21 ліпеня 1983 года саўгас “Рагінь” узначаліў Гірыс Іван Макаравіч.

У пачатку 80-х гадоў ХХ стагоддзя у гаспадарцы было 53 трактары, 11 зерневых камбайнаў, 50 аўтамашын і шмат іншай тэхнікі. Пабудаваны пункт тэхнічнага абслугоўвання машынна-трактарнага парку.

Прадукцыя спіртзавода на суму 900-950 тыс. руб. Рэалізавалася Ленінградскаму  і Маскоўскаму лікёра-водачным заводам. Прадукцыя вінцэха рэалізавалася Буда-Кашалёўскаму, Чачэрскаму і Гомельскаму райпатрэбсаюзам. Прыбытак складаў 1200 тыс. руб. Кожны год гаспадарка атрымлівала ад свайго бульбаперапрацоўчага завода 17-20 тыс. тон барды, што давала магчымасць вырабляць дадаткова больш 1,3 тыс ц мяса.

У 80-я гады былі пабудаваны і дзейнічалі камбінат бытавога абслугоўвання, гандлёвы цэнтр, лазнева-пральны камбінат, тыповая сталовая, дзіцячы сад-яслі на 50 месцаў. Да пачатку 1981 года было пабудавана 120 кватэр.  У Доме культуры частымігасцямі былі артысты абласных і рэспубліканскіх тэатраў. У Дзень Ураджаю дырэкцыя саўгаса прэміравала лепшых працаўнікоў. У канцы 80-х гадоў па вул. Сідарэнка і вул. Маладзёжнай было разгорнута будаўніцтва катэджаў і двухэтажных дамоў для рабочых і спецыялістаў саўгаса.

Дзейнічалі спіртзавод і вінзавод. На спіртзаводзе працавалі 55 рабочых, на вінзаводзе – 26 рабочых. У 1988 годзе вінзавод быў закрыты. У гэтым жа годзе закрыты завод па вытворчасці кармавых дрожжаў.

Са снежня 1990 года саўгас узначальвае Міхед Іван Аляксеевіч.

З 1 студзеня 1992 года рашэннем Буда-Кашалёўскага выканаўчага камітэта № 152 S4 ад 25.12.1991 года саўгас “Рагінь” ліквідаваны і на яго базе створаны калгас “Рагінь”.

Асноўны напрамак дзейнасці гаспадаркі – вытворчасць мяса і малака.

21 лютага 1997 года старшынёй калгаса выбраны Чарнякоў Мікалай Дзмітравіч.

Асноўныя паказчыкі калгаса “Рагінь” ў1998 годзе:

Вытворчасць зерня – 3815 тон.

Вытворчасць бульбы – 1500 тон.

Вытворчасць карняплодаў – 1400 тон.

Вытворчасць малака – 1020 тон.

Вытворчасць мяса – 255 тон.

Ураджайнасць:

зерне – 24,6 ц з га,

бульба – 150 ц з га,

карняплоды – 350 ц з га.

З 20 кастрычніка па 7 сакавіка 2000 года выконвае абавязкі старшыні калгаса “Рагінь” Андрыянаў Васіль Васільевіч.

У 1999 годзе прыпыняе дзейнасць спіртзавод.

7 сакавіка 2000 года старшынёй калгаса выбраны Чарнякоў Васіль Афанасавіч.

У 2003 годзе (Рашэнне Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта № 426 ад 02.07.2003 года) шляхам рэарганізацыі калгаса “Рагінь” створаны сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў  “Рагінь”. СВК “Рагінь” Буда-Кашалёўскага раёна Гомельскай вобласці Рэспублікі Беларусь з’яўляўся камерцыйнай арганізацыяй, створанай грамадзянамі на аснове дабраахвотнага членства для сумеснай дзейнасці па вытворчасці, перапрацоўцы, рэалізацыі сельскагаспадарчай прадукцыі.

У 2003 годзе кааператыў меў 3567 га зямлі, з іх сельскагаспадарчыя ўгоддзі складалі 3293 га, ворыва – 2480 га, шматгадовыя насаджэнні – 56 га, сенажаці – 449 га, паша – 308 га. На тэрыторыі кааператыва размешчаны тры жывелагадоўчыя фермы: “Рагінь”, “Каромка”, “Лозаў”.

У 2004 годзе для працаўнікоў СВК “Рагінь” па вул. Шасейнай былі пабудаваны 2 катэджы, у 2005 годзе – 4 катэджы па вул. Шасейнай і 1 катэдж па вул. Мірнай.

У 2007 годзе ў СВК “Рагінь” працавалі 86 чалавек. Сярод перадавіков вытворчасці – камбайнеры: Хралянкоў А., Паршакоў Г., Гаўрыленка І.; вадзіцель – Юркоў А.

Распараджэннем Буда-Кашалёўскага раённага выканаўчага камітэта № 413-р ад 27.11.2008 года СВК “Рагінь” перайменавана шляхам рэарганізацыі ў “Камунальнае сельскагаспадарчае унітарнае прадпрыемства “Рагінь”.

У студзені 2009 года КСУП “Рагінь” і КСУП Дзербічы” былі аб’яднаны ў адну гаспадарку – КСУП “Рагінь”. Дырэктарам КСУП “Рагінь” быў прызначаны Собалеў Андрэй Міхайлавіч.

У 2009 годзе для працаўнікоў гаспадаркі былі пабудаваны 4 катэджы. Закупілі шмат тэхнікі (трактары, камбайны, машыны).

У пачатку 2010 года быў звольнены дырэктар КСУП Собалеў А.М. Паўстала пытанне аб аб’яднанні двух гаспадарак: КСУП “Рагінь” і КСУП “Мікалаеўка”. Прынята рашэнне аб захаванні КСУП “Рагінь”.

Дырэктарам КСУП “Рагінь” быў назначаны Андрыянаў Васіль Васільевіч. Летам 2010 года работнікі канторы КСУП “Рагінь” (бухгалтары, эканамісты, работнікі аддзела кадраў і інш.) былі перамешчаны ў будынак на механічным двары гаспадаркі.

У 2011 годзе з мэтай эканоміі сродкаў на ўсіх энерганасычаных трактарах КСУП “Рагінь” устаноўлены кантрольна-вымяральныя прылады расходу паліва. Перадавікі вытворчасці былі ўзнагароджаны граматамі і каштоўнымі падарункамі (Вадзіцелі – Вараб’ёў А.В., Саўчанка Дзмітрый Васільевіч.

Рашэннем № 839 ад 28.12.2012 года Буда-Кашалёўскага раённага выканаўчага камітэта КСУП “Рагінь” пераўтворана у адкрытае акцыянернае таварыства (ААТ) “Рагінь”.

У снежні 2014 года дырэктарам ААТ “Рагінь” назначаны Шведзенка Сяргей Мікалаевіч.

У пачатку 2016 года дырэктарам ААТ “Рагінь” зноў прызначаны Андрыянаў Васіль Васільевіч.

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.