Уводзіны
У спадчыну ад мінулых пакаленняў нам засталося вялікае мноства назваў населеных пунктаў, рэк, азёр, палёў, лугоў, узгоркаў і іншых аб'ектаў. На зямлі нашай Беларусі цяжка знайсці назвы, якія б узніклі выпадкова без асаблівай прычыны. Калі ўважліва прыгледзіцца, то заўсёды можна вызначыць, што узніклі яны зыходзячы з нейкіх асаблівасцей прыроднага асяроддзя, умоў вытворчай дзейнасці жыхароў і вельмі часта звязаны з гістарычным мінулым. У аснове нашай любові да радзімы ляжаць многія фактары. І сярод іх адно з важнейшых месц займае наша схільнасць да засвоеных з дзяцінства слоў, якімі названы нашы вёскі і гарады, рэкі і азёры, палі і лугі.
Паданні аб паходжанні назваў геаграфічных аб’ектаў на тэрыторыі Рагінскага сельскага Савета
Тэрыторыя Рагінскага сельскага Савета знаходзіцца на поўначы Буда-Кашалёўскага раёна. Тут працякае рака Чачора, ёсць некалькі вёсак і аграгарадок Рагінь. Кожная вёска, рака, кожны ручай, асобныя мясцовасці маюць сваю назву, сваю асаблівую гісторыю. На жаль, далёка не ўсе гісторыі, легенды, паданні, з’вязаныя з назвамі гэтых аб’ектаў захаваліся да нашага часу. Паміраюць старыя, а з імі, часам адзінымі носьбітамі гэтых легендаў і паданняў, знікае магчымасць даведацца аб падзеях далёкай мінуўшчыны, зразумець сэнс назваў, якія мы чуем з маленства і якія сталі часткай нашага жыцця.
На тэрыторыі сельскага Савета каля вёскі Каромка знаходзіцца невялічкае возера Майдан. Старажылы расказвалі, што калісьці вельмі давно на месцы вёскі быў лес і жыхары Рагіні, расцісціўшы ад дрэў месца ў лесе каля возера, курылі тут смалу і выганялі дзегаць. І сапраўды, ў тапанімічных слоўніках слова “майдан” абазначае “паляну, прасеку, расчышчанае месца ў лесе, дзе курылі смалу, выганялі смалу”, “смалакурня, паташня”. Але ёсць і іншыя значэнні гэтага слова: каля майдана – месца вытворчасці паташа, смалы, дзёгця, дравеснага вугалю – узнікала пасяленне і тады слова “майдан” стала яшчэ абазначаць і “свабоднае, незабудаванае месца ў сяленні”, а пазней – “рыначная плошча, месца для сходак”.
Адна з мясцін каля вёскі Каромка носіць дзіўную назву - “Баба-каза”. Старажылы вёскі так тлумачаць гэту назву: “У 1917 годзе некаторыя сяляне з вёскі Рагінь выязджалі на хутары, распрацоўвалі зямлю, карчавалі лес і будаваліся. Сярод гэтых хутаран была Тайкова Матрона Яўціхаўна –жанчына няўрымслівая, сваявольная. Яна з мужам перавезла да лесу свой дом за вёску Каромка, узарала зямлю, пасадзіла сад. Але галоўным заняткам для жанчыны і яе сям’і было развядзенне коз. А было гэтых коз дзесяткаў дваццаць, а можа і больш. Калі хутар пачалі зносіць, яна не захацела перасяліцца ў вёску і засталася на сваёй сядзібе за козамі. Ад гэтага часу гэтая мясціна і называецца “баба-каза””
Сваю гісторыю мае і назва вёскі Аляксандраўка. Старажыл гэтай вёскі Сувалаў Яўхім Лагвенавіч расказваў (а яму расказваў яго дзед), што ў вёсцы Царкоўе жыў пан, а ў яго былі сын Аляксандр і дачка Анастасся, калі дзеці выраслі, бацька выдзеліў ім землі і заснаваў вёскі, а вёскам даў назвы Аляксандраўка і Анастасеўка (уваходзіла ў склад Мікалаеўскага сельскага Савета, цяпер не існуе).
Вёска Рудня Лозаўская вядома па пісьмовых крыніцах з ХІХ ст. Аднак гісторыя гэтай вёскі значна старэйшая. Старажылы кажуць, што калісьці, ў вельмі вельмі даўнія часы, было тут вялікае балота і насельніцтва навакольных вёсак выплаўляла жалеза з балотнай руды, а потым з жалеза рабілі прылады працы, чыгункі. Магчыма так і было на самай справе, бо на тэрыторыі Беларусі шмат населеных пунктаў мае назву Рудня і, як правіла, ў гэтых месцах ў старадаўнія часы насельніцтва выплаўляла жалеза з руды.
Назва вёскі Курганне гаворыць сама за сябе. Старыя людзі гаварылі, што яшчэ ў ХІХ стагоддзі вакол вёскі і ў самой вёсцы можна было ўбачыць шмат курганоў, якія тут былі з вельмі даўніх часоў. І сапраўды, на тэрыторыі Буда-Кашалёўскага раёна вядомы помнікі калочынскай культуры (V – VІІ ст. н. э.). Селішчы гэтай культуры знаходзіліся на невысокіх месцах каля вады. Пахавальныя помнікі калочынскай культуры прадстаўлены бескурганнымі і курганнымі могільнікамі. У даследаваннях Е.П. Раманава у 1910 годзе успамінаюцца помнікі язычніцкіх часоў – курганныя могільнікі Х – ХІІ стст. Гістарычнай навуцы яны сталі вядомыя яшчэ ў 1873 г., калі Імператарская археалагічная камісія сабрала аб іх першыя звесткі. Навуковыя раскопкі гэтых помнікаў мінуўшчыны ўпершыню правялі ў канцы ХІХ-пачатку ХХ ст. гісторык, прафесар Кіеўскага універсітэта У. Б. Антановіч і беларускі вучоны-краязнаўца, грамадскі дзеяч Е.Р. Раманаў. Яшчэ каля 100 гадоў таму курганныя могільнікі знаходзіліся каля многіх населеных пунктаў раёна, былі вядомы яны і ў вёсцы Рагінь. Адсюль і назвы некаторых населеных пунктаў, у тым ліку і і вёскі Курганне ў Рагінскім сельскім Савеце, не гледзячы на тое, што ад былых курганоў нічога не засталося.
Старажылы вёскі Лозаў расказалі, што калісьці вакол вёскі былі вялікія зараснікі лазы. З лазы рабілі лапці, кошыкі, агарожы і многае іншае. Гэта быў адзін з промыслаў, якімі займаліся жыхары. Лазовыя хмызнякі сустракаюцца і цяпер вакол вёскі, але іх ўжо значна меней.
Аб паходжанні назвы Рагінь апавядала Марына Яўменаўна Чарнякова, 1898 года нараджэння, якой зараз няма сярод нас: “Больш за 200 гадоў таму назад прыгонныя служылі ў царскай арміі па 25 гадоў. Цяжкая была гэта служба. Нямала было выпадкаў, калі рэкруты ўцякалі. Нярэдка яны траплялі ў нашы лясістыя мясціны. А лясы ў нас у тую пору былі вялікія, густыя. У іх і хаваліся рэкруты. Побач ішоў шлях з Рагачоўскага павета на Гомель. Яго называлі яшчэ Кацярынінскім трактам. Каб жыць, рэкруты выходзілі на шлях і займаліся грабяжом. Так і жылі.
Гэта было даўно, калі яшчэ Рэч Паспалітая была.
Вось у той час адзін рэкрут вырашыў стаць тут гаспадаром. Раскарчаваў лес, пабудаваўся, заняўся гаспадаркай, хадзіў на паляванне. Потым прывучыў да сябе дзікіх коз, стаў іх разводзіць, а з іх рагоў вырабляць і прадаваць прыгожыя рэчы. Сяляне пра яго сталі гаварыць:”Марцыца сваёй бабе гне рогі”. Ад гэтага і вёска наша стала называцца Рагінь.”
Гэта паданне было запісана Таццянай Паўлаўнай Сарокінай, яшчэ ў 90-я гады мінулага стагоддзя. Наколькі яно адпавядае сапраўдным падзеям сказаць цяжка. У тапанімічных слоўніках назва Рагінь тлумачыцца як “каля павароту дарогі, леса, возера, ракі”, што ў цэлым адпавядае рэчаіснасці.
За участкам дарогі, якая злучае Рагінь і вёскі Лозаў і Царкоўе захавалася назва Кацярынінскі шлях. Рагінскі старажыл Іваноў Аляксей Цімафеевіч расказваў, што даўно, яшчэ да Вялікай Айчыннай вайны, ўздоўж дарогі стаялі старыя таўшчэзныя бярозы. У народзе іх называлі “кацярынінскія бярозы”. У ХVІІІ стагоддзі імператрыца Кацярына ІІ загадала насаджваць уздоўж гасцінцаў прысады з бяроз, якія на поўначы Буда-Кашалёўскага раёна часткова захаваліся і да першай паловы ХХ стагоддзя. Дрэвы былі вырублены ў часы вайны немцамі (вельмі яны баяліся партызан). Магчыма тут і сапраўды праходзіў Кацярынінскі тракт у ХVІІІ – першай палове ХІХ стагоддзяў, але пасля будаўніцтва дарогі Доўск – Гомель у сярэдзіне ХІХ стагоддзя, якая прайшла больш на усход (праз вёскі Меркулавічы, Майсееўка, Дзербічы), значэнне дарогі значна зменшылася.
Заключэнне
Усе геаграфічныя назвы маюць свой сэнс, а гэта азначае, што можна растлумачыць самую складаную і, на першы погляд, незразумелую геаграфічную назву. Мова народа не з’яўляецца нечым застылым, яна змяняецца, развіваецца, некаторыя словы знікаюць зусім, некаторыя мяняюць свой сэнс і бывае вельмі цяжка знайсці тлумачэнне назвы той або іншай ракі, возера, узгорка, вёскі. Але дзякуючы гэтым назвам у нашы дні гучаць даўно забытыя словы роднай мовы, словы чужых і нават знікшых, “мёртвых моў”. За кожным словам стаяць цікавыя легенды і паданні.
Культура кожнага народа лепш за ўсё вызначаецца тым, як ён адносіцца да сваёй гісторыі, духоўных традыцый папярэдніх пакаленняў. Паважаючы сваё, неабходна паважаць і створанае іншымі пакаленнямі, народамі. Легенды і паданні аб паходжанні назваў аб’ектаў нашай краіны дазваляюць нам лепш ведаць сваё мінулае, бачыць як жылі беларусы, чым займаліся, аб чым думалі. Усё гэта садзейнічае выхаванню паважлівых адносін да сваёй радзімы. На жаль, усё менш і менш застаецца тых, хто ведаў легенды і паданні, звязаныя з гісторыяй роднага краю. Збіраючы па кроплі гэтыя набыткі духоўнай культуры мы захоўваем нашу духоўную спадчыну, пакінутую нам нашымі дзядамі і прадзедамі.
Спіс выкарыстанай літаратуры
1. Віцьбіч Юрка. Плыве з-пад сьвятое гары Неман / Ю. Віцьбіч. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1995. – 60 с.
2. Гарады і вескі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 1, кн. 1. Гомельская вобласць / С.В. Марцэлеў; Рэдкал.: Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш. – Мн. : БелЭн, 2004. – С. 120 – 199.
3. Жаўруковая песня Радзімы : народныя духоўныя скарбы Буда-Кашалеўскага краю : манаграфія / ГДУ імя Ф. Скарыны; пад агульнай рэдакцыяй В.С. Новак. – Гомель : Сож, 2008. – 424 с.
4. Жучкевич В. А. Общая топонимика : учебное пособие / В. А. Жучкевич – Минск : Вышэйшая школа, 1980. – 288 с.
5. Лыч Л. М. Назвы зямлі беларускай / Л. М. Лыч. – Минск : Універсітэцкае, 1994. – С. 39 - 43.
6. Памяць : Гіст.-дакум. хроніка Буда-Кашалеўскага раена. У 2 кн. Кн.1-я – Мн. : БЕЛТА, 2002. – С. 19 – 28.
7. Памяць : Гіст.-дакум. хроніка Буда-Кашалеўскага раена. У 2 кн. Кн. 2-я – Мн. : БЕЛТА, 2002. – С. 498 - 524
8. Рылюк Г. Я. Истоки географических названий Беларуси (с основами общей топонимики) / Г. Я. Рылюк – Минск : ЗАО “Веды”, 1999.
9. Яшкін І. Я. Слоўнік беларускіх мясцовых геаграфічных тэрмінаў : Тапаграфія : Гідраграфія / І. Я. Яшкін. – Мінск : Беларуская навука, 2005. - 808 c.