Рагінскі сельскі Савет:
- Аляксандраўка
- Антонаўка
- Дзербічы
- Каромка
- Курганне
- Лозаў
- Лозаўская Рудня
- Майсееўка
- Рагінь
- Слабодка
- Факел (Чырвоны Сцяг)
Аляксандраўка – вёска ў Рагінскім с/с, за 27 км на Пн ад раённага цэнтра і чыгуначнай станцыі Буда-Кашалёўская (на лініі Жлобін-Гомель), 73 км ад Гомеля. Транспартныя сувязі па прасёлачнай дарозе, затым па шашы Доўск-Гомель. 13 гаспадарак, 22 жыхары (2004 г).
Заснавана ў пачатку ХХ ст. У 1909 г. фальварак, 310 дзесяцін зямлі, 1 двор, 5 жыхароў, у Мяркулавіцкай воласці Рагачоўскага павета Магілёўскай губерніі. У 1920-я гады ішло актыўнае засяленне былых памешчыцкіх зямель перасяленцамі з суседніх вёсак. У 1925 годзе 18 двароў, у Прыбарскім с/с Гарадзецкага раёна Бабруйскай акругі. У 1930 годзе вяскоўцы ўступілі ў калгас. У Вялікую Айчынную вайну ў вёсцы дзейнічала падпольная група (15 чалавек), якую ўзначальваў П.Я. Мацюшкоў. У сакавіку 1943 года група склала аснову партызанскага атрада на чале з П.Я. Мацюшковым. Па перапісу 1959 года 152 жыхары. У складзе саўгаса “Рагінь” (цэнтр – вёска Рагінь). Планіровачна складаецца з дзвюх кароткіх, паралельных шыротных вуліц, рэдка забудаваных драўлянымі дамамі сялібных сядзіб.
Антонаўка – вёска ў Рагінскім с/с, за 23 км на ПнУ ад раённага цэнтра і чыгуначнай станцыі Буда-Кашалёўская (на лініі Жлобін-гомель), 53 км ад Гомеля. На захадзе меліярацыйны канал. Побач шаша Доўск-Гомель. 19 гаспадарак, 38 жыхароў (2004 г.) Па пісьмовых крыніцах вядома з ХІХ ст. як вёска ў Мяркулавіцкай воласці Рагачоўскага павета Магілёўскай губерніі. У 1880 г. 20 двароў, 120 жыхароў, хлебазапасны магазін. Па перапісу 1897 года 22 двары, 169 жыхароў і аднайменны фальварак, млын. У 1909 г. 31 двор, 199 жыхароў, 165 дзесяцін зямлі. У 1918 г. адкрыта школа, якая размяшчалася ў наёмнай сялянскай хаце. У 1930 г. вяскоўцы ўступілі ў калгас. На франтах Вялікай Айчыннай вайны загінулі 25 жыхароў. Па перапісу 1959 года 176 жыхароў. У складзе саўгаса “Дзербічы” (цэнтр – в. Дзербічы). Планіровачна складаецца з кароткай прамалінейнай вуліцы арыентаванай з ПдЗ на ПнУ, да якой на Пд пад прамым вуглом далучаецца кроткая прамалінейная вуліца. Забудова драўляная, сядзібнага тыпу. Радзіма аднрго з арганізатараў і кіраўнікоў падпольнага і партызанскага руху на Гомельшчыне ў Вялікую Айчынную вайну А.М. Дземчанкі (камісар партызанскага атрада, затым камандзір Буда-Кашалёўскай партызанскай брыгады.
Дзербічы – вёска ў Рагінскім с/с, за 20 км на ПнУ ад раённага цэнтра і чыгуначнай станцыі Буда-Кашалёўская (на лініі Жлобін-гомель), 57 км ад Гомеля. Побач шаша Доўск-Гомель. 208 гаспадарак, 604 жыхары (2004 г). Па пісьмовых крыніцах вядома з ХVІ ст. як сяленне ў Рэчыцкім павеце Мінскага ваяводства ВКЛ. Праз вёску праходзіў тракт Рагачоў-Гомель. Пасля І-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772 г.) у складзе Расійскай імперыі. Па рэвізіі 1816 года 12 двароў, 91 жыхар, у Рагачоўскім павеце Магілёўскай губерніі. Побач быў маёнтак памешчыцы Сасноўскай. Значна пашырыліся сувязі вёскі з іншымі сяленнямі пасля ўводу ў эксплуатацыю ў 1850 г. шашы Доўск-Гомель. З 1878 г. працавала крупарушка. Гаспадар фальварка валодаў у 1870 г. 273 дзесяцінамі зямлі, памешчык Шаціла меў у 1884 г. 141 дзесяціну зямлі. У 1893 годзе адкрыта царкоўна-прыходская школа, для якой у тым жа годзе ўзведзены будынак. Па перапісу 1897 года вёска (44 двары, 408 жыхароў, школа, хлебазапасны магазін, вінная лаўка), і чатыры фальваркі (6 двароў, 38 жыхароў). У 1909 годзе 48 двароў, 367 дзесяцін зямлі, у Меркулавіцкай воласці, Рагачоўскага павета Магілёўскай губерніі. У 1925 годзе вёска (59 двароў), пасёлак (12 двароў) і хутар (7 двароў), у Рагінскім с/с, Буда-Кашалёўскага раёна Бабруйскай акругі. У 1929 годзе арганізаваны калгас “Пралетарый”, працавала кузня. У Вялікую Айчынную вайну 127 вяскоўцаў – воінаў і партызан – загінулі ў баях супраць акупантаў. Памяць аб абаронцах Радзімы ўвекавечвае пастаўленная ў 1966 годзе каля школы скульптурная кампазіцыя. Па перапісу 1959 года 626 жыхароў. Цэнтр саўгаса “Дзербічы2. Сярэдняя школа, Дом культуры, бібліятэка, фельчарска-акушэрскі пункт, дзіцячы сад, аддзел сувязі, магазін. З 1962 года дзейнічаў гідралагічны пост. Планіровачна складаецца з дугападобнай вуліцы, арыентаванай з ПдЗ на ПнУ, да якой на У далучаецца прамалінейная шыротная вуліца, а на З – прамалінейная мерыдыянальная вуліца з завулкам. Забудова пераважна драўляная, сядзібнага тыпу. У 1987 годзе пабудаваны мураваныя дамы на 50 кватэр, у якіх размясціліся перасяленцы з забруджаных радыяцыяй месц пасля Чарнобыльскай катастрофы.
Каромка - вёска ў Рагінскім с/с, за 18 км на ПнУ ад раённага цэнтра і чыгуначнай станцыі Буда-Кашалёўская (на лініі Жлобін-гомель), 45 км ад Гомеля. На усходзе меліярацыйныя каналы. Транспартныя сувязі па прасёлачнай дарозе, затым па шашы Доўск-Гомель. 59 гаспадарак, 96 жыхароў (2004 г.)
Курганне - вёска ў Рагінскім с/с, за 24 км на ПнУ ад раённага цэнтра і чыгуначнай станцыі Буда-Кашалёўская (на лініі Жлобін-гомель), 49 км ад Гомеля. Транспартныя сувязі па прасёлачнай дарозе, затым па шашы Доўск-Гомель. 16 гаспадарак, 27 жыхароў (2004 г.)
Лозаў - вёска ў Рагінскім с/с, за 21 км на Пн ад раённага цэнтра і чыгуначнай станцыі Буда-Кашалёўская (на лініі Жлобін-гомель), 57 км ад Гомеля. На паўночнай ускраіне р. Чачора (прыток р.Сож). Транспартныя сувязі па прасёлачнай дарозе, затым па шашы Доўск-Гомель. 84 гаспадаркі, 136 жыхароў (2004 г.)
Па пісьмовых крыніцах вядома з ХVІІІ ст. як сяленне ў Рэчыцкім павеце Мінскага ваяводства. У 1765 годзе маёнтак, 16 двароў, 104 жыхары мужчынскага полу, належала Завадскім. Пасля І-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) у складзе Расійскай імперыі. У 1845 годзе 37 двароў, вадзяны млын, карчма (каля прасёлачнай дарогі), хлебазапасны магазін, лазня. Побач быў фальварак. У “Географическом словаре Российской империи” 1863 года пазначаны як сяло. Школа граматы, млын, сукнавальня, у Меркулавіцкай воласці Рагачоўскага павета Магілёўскай губерніі. У 1885 годзе ў наваколлі працавала Заходняя меліярацыйная экспедыцыя генерала І. Жылінскага. Па перапісу 1897 года 92 двары, 578 жыхароў, царкоўна-прыходская школа, хлебезапасны магазін, карчма. У 1909 годзе 103 двары, 644 жыхары, 1241 дзесяціна зямлі. У 1925 годзе 130 двароў, у Прыбарскім с/с Гарадзецкага раёна Бабруйскай акругі. У 1930 годзе арганізаваны калгас “Камунар”, працавала кузня. У Вялікую Айчынную вайну загінулі 110 вяскоўцаў. Па перапісу 1959 года 614 жыхароў. У складзе калгаса “Рагінь” (цэнтр – в. Рагінь). На ПнЗ ад вёскі, ва ўрочышчы Беліца, вядуцца торфараспрацоўкі. Планіровачна складаецца з прамалінейнай вуліцы, арыентаванай з ПдУ на ПнЗ. На Пд паралельна да яе праходзіць кароткая вуліца, да якой з ПдЗ далучаецца другая кароткая вуліца. Забудова двухбаковая, драўляная, сядзібнага тыпу.
Лозаўская Рудня - вёска ў Рагінскім с/с, за 20 км на ПнУ ад раённага цэнтра і чыгуначнай станцыі Буда-Кашалёўская (на лініі Жлобін-гомель), 53 км ад Гомеля. На ўсходняй ускраіне меліярацыйны канал, злучаны з ракой Чачора (прыток р. Сож). Побач шаша Доўск-Гомель. 34 гаспадаркі, 58 жыхароў (2004 г.)
Майсееўка - вёска ў Рагінскім с/с, за 25 км на ПнУ ад раённага цэнтра і чыгуначнай станцыі Буда-Кашалёўская (на лініі Жлобін-гомель), 55 км ад Гомеля. На шашы Доўск-Гомель. 38 гаспадарак, 64 жыхары (2004 г.)
Рагінь – вёска, цэнтр Рагінскага с/с, за 22 км на ПнУ ад раённага цэнтра і чыгуначнай станцыі Буда-Кашалёўская (на лініі Жлобін-гомель), 68 км ад Гомеля, на рацэ Чачора (прыток р. Сож). Транспартныя сувязі па прасёлачнай дарозе, а затым па шашы Доўск-Гомель. 330 гаспадарак, 782 жыхары (2004 г.)
Па пісьмовых крыніцах вядома з ХVІ ст. як вёска ў Рэчыцкім павеце Мінскага ваяводства ВКЛ. Пасля І-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772 г.) у складзе Расійскай імперыі. У 1816 годзе 28 двароў, 116 жыхароў, уладанне Дзерналовічаў. Пры размежаванні 1824 года ў вёсцы было 9765 дзесяцін зямлі. У 1845 годзе памешчык С.У. Дзерналовіч меў тут і ў наваколлі 5012 дзесяцін зямлі, вадзяны млын, сукнавальню і карчму. У 1848 годзе 45 двароў, уладанне памешчыцы Е. Быкоўскай. У 1863 годзе ўзведзены будынак і пачаліся заняткі ў народным вучылішчы (у 1889 годзе 45 вучняў). Працавала сукнавальня. У 1886 годзе в. Рагінь (яна ж Рагінскія Куракі, Рагінская Сабалёўка, Рагінскае Зарэчча), 79 двароў, 583 жыхары, Свята-Мікалаеўская царква, школа, майстэрня па апрацоўцы скур, у Меркулавіцкай воласці Рагачоўскага павета Магілёўскай губерніі. З 1895 года працавала вінакурня. Па перапісу 1897 года ў сяле 134 двары, 932 жыхары, царква (драўляная), народнае вучылішча (у 1907 годзе 66 вучняў), хлебазапасны магазін (з 1884 года), лаўка, карчма, у фальварку – 12 двароў, 60 жыхароў, вінакурня, вадзяны млын. З 1911 года пры школе працавала бібліятэка. У снежні 1917 года ў сяло ўварваліся каля 200 уланаў польскага корпуса Доўбар-Мусніцкага і ўчынілі здзекі нал сялянамі. Для барацьбы супраць інтэрвентаў быў створаны мясцовы баявы атрад (начальнік К.Р. Новікаў). У пачатку 1920-х гадоў у фальварку арганізаваны калгас “Чырвоны сцяг”, а пазней – саўгас “Рагінь”. У 1925 годзе 185 двароў. З 20.08.1924 года цэнтр Рагінскага с/с Буда-Кашалёўскага раёна Бабруйскай, з 27.10.1927 года Гомельскай акруг, з 20.02.1938 года Гомельскай вобласці. У 1930 годзе арганізаваны калгас “Улада Саветаў”, меліся вінакурня, торфараспрацоўчая арцель, нафтавы млын, 2 кузні, сталярня, масласыраварня, урачэбны ўчастак, хата-чытальня. У 1938 – 1958 гадах працавала МТС. У Вялікую Айчынную вайну тэхніка МТС і абсталяванне спіртзавода былі эвакуіраваны ў савецкі тыл. У лістападзе 1943 года ў баях за вызваленне вёскі і наваколля загінулі 301 воін і з партызаны (пахаваны ў брацкай магіле каля школы). На франтах і ў партызанскай барацьбе загінулі 332 землякі, памяць аб якіх увекавечвае скульптурная група, пастаўленая ў 1962 годзе ў цэнтры вёскі. Па перапісу 1959 года 1484 жыхары. Цэнтр саўгаса “Рагінь”. Дзейнічаў спіртзавод, вінзавод, лесапільня, швейная майстэрня, сярэдняя школа, дом культуры, бібліятэка, дзіцячы сад, бальніца, аддзел сувязі, сталовая, 3 магазіны. Планіровачна складаецца з прамалінейнай вуліцы, арыентаванай з ПдЗ на ПнУ, да цэнтра якой далучаецца з У кароткая вуліца з завулкам і з Пд – дзве выгнутыя кароткія вуліцы. Забудова двухбаковая, пераважна драўляная, сядзібнага тыпу. Ёсць парк. Радзіма Герояў Сацыялістычнай Працы І.І. Дзяржынскага, В.А. Жукава, Кірыленкі, заслужанага работніка сельскай гаспадаркі БССР В.С. Чарнякова. У склад Рагінскага с/с уваходзіў да 1929 года пасёлак Культурны (не існуе).
Слабодка – вёска ў Рагінскім с/с, за 20 км на ПнУ ад раённага цэнтра і чыгуначнай станцыі Буда-Кашалёўская (на лініі Жлобін-гомель), 47 км ад Гомеля. На усходзе і захадзе мяжуе з лесам. Транспартныя сувязі па прасёлачнай дарозе, а затым па шашы Доўск-Гомель. 15 гаспадарак, 20 жыхароў (2004 г.)
Факел (да 1968 года Чырвоны Сцяг) – вёска ў Рагінскім с/с, за 21 км на ПнУ ад раённага цэнтра і чыгуначнай станцыі Буда-Кашалёўская (на лініі Жлобін-гомель), 69 км ад Гомеля. Мяжуе з лесам. Транспартныя сувязі па прасёлачнай дарозе, а затым па шашы Доўск-Гомель. 40 гаспадарак, 61 жыхар (2004 г.)
Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 1, кн. 1 Гомельская вобласць / С.В. Марцэлеў; Рэдкал.: Г.П. Пашкоў (гал. Рэд.) і інш. – Мн.: БелЭн, “004. -632 с.: іл.