Новости проекта
Разъяснение ситуации с рекламой и предупреждением МАРТ
Обновленные функции Schools.by
Голосование
Пользуетесь ли вы мобильным приложением Schools.by?
Всего 0 человек

Летописи Рогини

Дата: 23 ноября 2017 в 08:50, Обновлено 15 апреля в 10:41

ЛЕТАПІС ВЁСКІ РАГІНЬ

З даўніх часоў да 1966 года

У 1847 годзе ў сядзібе Рагінь памешчыка Дарыя-Дзерналовіча налічвалася 547 душ мужчынскага полу, 535 душ жаночага полу, у тым ліку дваровых адпаведна 30 і 23, бабылёў 33 і 38, цяглых двароў 227. У склад  уладання ўваходзіла вёска Каромка. Памешчыку належала 9765 дзесяцін зямлі, сялянам 2810 дзесяцін зямлі (ЦДГА РБ Ф. 1297, С.18715, Л 10-12). Уладанні памешчыка Дарыа-Дзерналовіча распаўсюджваліся на тэрыторыі сучасных Рагінскага, Буда-Люшаўскага і Кашалёўскага  сельскіх Саветаў. Пасля адмены прыгоннага права было надзелена зямлёй 196 душ мужчынскага полу. У надзел было выдзелена 1078 дзесяцін зямлі, за якую з сялян браўся выкуп у суме 20906 рублёў 66 капеек.

У 1877-78 навучальным годзе ў вучылішчы вучыліся 33 хлопчыкі. У дарэвалюцыйныя гады вучыліся ў Рагінскай школе жыхары Рагіні: Шаўцоў Апанас Фёдаравіч, Шаўцоў Рыгор Фёдаравіч, Сарокін Апанас, Дземчанка Васіль Яфрэмавіч, Новікаў Аксён Венедыктавіч, Новікаў Апанас Венедзіктавіч, Фурманаў Сцяпан Емяльянавіч і многія іншыя.

У перадрэвалюцыйныя гады настаўнікамі ў школе працавалі Маджугава Софья Захараўна, Цыбікаў Мікалай. Сам  памешчык Дарыя-Дзерналовіч большую частку года жыў у Варшаве, а ў памесці распараджаўся ўпраўляючы. У пачатку ХХ стагоддзя ўпраўляючым быў Ліпскі. Сялянскія гаспадаркі ўвесь час разараліся. Асабліва цяжка прыходзілася сялянам у неўраджайныя гады. Цэлыя сем’і пакідалі родныя вёскі і адпраўляліся на пошук шчасця ў далёкія краі. Так, у далёкую Сібір выехалі жыхары Рагіні Тарбянкоў Сяргей; Клім, Ермалай і Рыгор Чураковы і іншыя. Многія перасяленцы так і не дабраліся да зямлі Сібірскай і загінулі ў дарозе. Падзеі пачатку ХХ стагодзя паўплывалі на жыццё насельніцтва Рагіні і навакольных вёсак.

Рэвалюцыя 1905-1907 гг., паслярэвалюцыйныя пераўтварэнні, Першая сусветная вайна 1914-1918 гадоў, Лютаўская і Кастрычніцкая рэвалюцыі 1917 года не прайшлі бясследна. Усё яшчэ гаспадарыў памешчык Дарыя-Дзерналовіч, але падзеі наспявалі з кожным днём. Кастрычніцкая рэвалюцыя шырылася, уцягваючы ў актыўную рэвалюцыйную барацьбу і рабочых і працоўных сялян.

У лістападзе 1917 года ў Рагінь прыехаў эмісар Савецкага ўрада па Магілёўскай губерні, дэлегат ІІ Усерасійскага з’езда Саветаў, бальшавік Кірыла Раманавіч Новікаў.

Вось што аб гэтых падзеях апавядаў сам  К.Р. Новікаў:

“Пасля ІІ Усерасійскага з’езда Саветаў мяне накіравалі эмісарам у Магілёўскую губерню. У гэты час у Магілёве заселі правыя эсэры на чале з генералам Духоніным. Стаяла задача, як можна хутчэй ліквідаваць царскую стаўку. Да Магілёва былі накіраваны атрады рэвалюцыйных матросаў, чырвонагвардзейцаў і рабочыя дружыны з Петраграда. Напалоханы гэтым, контррэвалюцыйны гарнізон Магілёва пачаў адступаць у напрамку Кіева. Аднак чырвонагвардзейцы ўсё ж змаглі злавіць генерала Духоніна і пракурора Шаблоўскага. Першы быў расстраляны матросамі, другога перадалі на суд ваенна-рэвалюцыйнага трыбунала. Царская стаўка ў Магілёве была ліквідавана.

Пасля гэтага я вырашыў наведаць родныя мясціны, дзе нарадзіўся і дзе жылі мае бацькі. У вёсцы Рагінь усё яшчэ было па-ранейшаму. Памешчык Дзерналовіч жыў у сядзібе і эксплутаваў рабочых-батракоў і ваеннапалонных немцаў.

З сабою я прывёз газету “Деревенская беднота”, у якой былі надрукаваны Дэкрэты аб міры і аб зямлі і аб арганізацыі першага Савета Народных Камісараў на чале з Уладзімірам Ільічом Леніным. Тады ж у доме жыхара вёскі Рагінь Ф. Шаўцова мы правялі агульны сход рабочых і сялян. На сходзе большасцю галасоў было прынята рашэнне выгнаць памешчыка,а ўсю яго маёмасць узяць на ўлік і перадаць сялянам. Праз некаторы час у Рагіні быў арганізаваны сельскі Савет (1917 год).

Пры ім стварылі секцыі: зямельную, лясную і харховую. Секцыі адразу ж прыступілі да працы. Наводзілі парадак у зямельных і лясных угоддзях, бралі на ўлік кожную тону хлеба і іншыя прадукты.

У пачатку снежня 1917 года ў Рагінь нечакана прыехалі 12 польскіх уланаў з мэтай арыштаваць кіраўнікоў сельскага савета і вярнуць уладанні памешчыку Дарыю-Дзерналовічу. Рабочыя і сяляне не спужаліся і арганізавана абязброілі ўланаў, затым іх адправілі ў Гомель і перадалі іх рэвалюцыйнаму камітэту. Мы ведалі, што за Савецкую ўладу прыдзецца яшчэ шмат змагацца.. Вырашылі стварыць чырвонагвардзейскі атрад. Камандзірам  выбралі мяне. Першае баявое хрышчэнне чырвонагвардзейцы вытрымалі з гонарам. У ноч з 11 на 12 снежня 1917 года на Рагінь наляцеў атрад белапалякаў. Негледзячы на раптоўнасць нападу, нас не ўдалося зламіць.

Але белапалякі на гэтым не супакоіліся. Супраць чырвонагвардзейцаў былі кінуты новыя сілы, узброеныя кулямётамі і гарматамі. Наш атрад своечасова выступіў насустрач ворагу і заняў вёску Негаўку. Негаўскія партызаны перадалі нам свій кулямёт. Белапалякі білі з гармат, але іх снарады пападалі ў балота. Калі чырвонагвардзейскі атрад ушчыльную падступіў да вёскі Буда-Люшава, белапалякі кінуліся ўцякаць.

Затым у студзені 1918 года рагінскім чырвонагвардзейцам і негаўскім партызанам прыйшлося весці баі з дывізіяй белапалякаў, якая рухалася з гораду Ельня па шашы Доўск-Гомель.

У сакавіку наш атрад налічваў ужо каля тысячы чалавек. Гэта былі мужныя людзі, якія скінулі ланцугі няволі і, не шкадуючы свайго жыцця, змагаліся з ворагам.

У далейшым нам прыйшлося ваяваць з магутнымі падраздзяленнямі рэгулярнай нямецкай арміі. Баі праходзілі каля вёсак Кашалёва, Негаўка, Бронніца, Ліпінічы і Струкі. Пасля ўстанаўлення дэмаркацыйнай лініі атрад перайшоў праз раку Чачора і зліўся з рэгулярнымі часцямі Чырвонай Арміі. На тэрыторыі Буда-Кашалёўскага і Чачэрскага раёнаў дзейнічалі таксама партызанскія атрады Фамы Казлоўскага і Пятра Буланава. Так мы змагаліся за сваю родную Савецкую ўладу”.

Ішлі гады. У вёсках пачала праводзіцца калектывізацыя.. У канцы 1929 года - пачатку 1930 года 11 гаспадарак вырашылі аб’яднацца ў калгас, якому далі назву “Авангард”. Найбольш актыўнымі яго арганізатарамі былі Сальнікаў А.Р., Фурманаў А.Д., Вараб’ёў Д.Р., настаўнік мясцовай школы Сільчанка і іншыя. Старшынёй гэтай гаспадаркі быў выбраны Сальнікаў Аляксей Рыгоравіч. Калгас быў эканамічна слабым (усю цяглавую сілу складалі каля 40 коней), юрыдычна яго стварэнне нідзе не было аформлена, калгас хутка распаўся.

Аднак першы вопыт вядзення калектыўнай гаспадаркі пераканаў сялян у тым, што калектывізацыя з’яўляецца правільным шляхам развіцця сельскай гаспадаркі.

У пачатку 1931 года ў Рагіні ствараецца калгас “За ўладу Саветаў”, аснову якога склалі 40 гаспадарак. Хутка праўленню калгаса прыйшлося засядаць амаль штодня, каб разгледзіць заявы ад жадаючых уступіць у калгас. У калгасе было дзвесце коней і адзінаццаць кароў, якія складалі аснову малочна-таварнай фермы. Калгас складаўся з чатырох брыгад. У пасёлку “Факел” быў арганізаваны невялікі калгас “Чырвоны сцяг”, у в. Лозаў – калгас “Камунар”, у в. Каромка – “Селянін”.

Да 1937 года калгас “За ўладу Саветаў” быў эканамічна моцнай гаспадаркай. Калгас своечасова разлічваўся з дзяржавай па дзяржпастаўкам, працадзень калгаснікаў быў даволі значным. З 1937 года калгас стала абслугоўваць Буда-Кашалёўская МТС.

Праца калгаснікаў была значна аблегчана, але матэрыяльна гаспадарка многа страчвала. Аплата працы МТС была высокай, а ўраджайнасць культур у калгасе, з-за недахопу мінеральных угнаенняў, была нізкай. Некалькі палепшылася становішча калгаса ў 1938 годзе, калі ў Рагіні была створана МТС.

Пасля 1930 года Рагінская пачатковая школа была рэарганізавана ў няпоўную сярэднюю школу, якая ў 1935 годзе зрабіла свой першы выпуск. У гэтыя ж гады ў школе быў створаны першы піянерскі атрад, важатым якога быў Вараб’ёў Маісей Мікітавіч.

У 1924 годзе пасля смерці У.І. Леніна ў Рагіні была арганізавана камсамольская ячэйка, у склад якой уваходзіла 10 чалавек. Члены ячэйкі  актыўна змагаліся за ліквідацыю непісьменнасці, заключалі дагаворы паміж кулакамі і батракамі, сачылі за аховай правоў батракоў і інш.

Першым сакратаром камсамольскай ячэйкі быў Тарбянкоў Антон Яфімавіч.

Да 1940 года калгас “За ўладу Саветаў” моцна стаў на ногі. Была створана многагаліновая гаспадарка.Даходы калгаса значна павысіліся. Павысілася аплата працы калгаснікаў і матэрыяльная зацікаўленасць у выніках грамадскай працы. Былі дасягнуты значныя поспехі ў развіцці культуры.

У 1934 годзе быў пабудаваны новы тыпавы будынак школы. Да 1941 года  Рагінская сярэдняя школа зрабіла два выпускі. У вёсцы быў пабудаваны сельмаг, створаны ўрачэбны ўчастак, адкрыта бібліятэка.

Мірнае жыццё было спынена нечаканым нападам на нашу краіну фашысцкай Германіі. Больш 150 рагінскіх грамадзян пайшлі на фронт і сталі на абарону Радзімы. У першыя дні вайны ў баях на заходняй граніцы змагаліся і рагінцы: Домчанка Аляксандр, Дзеружынскі Трафім, падпалкоўнік Усаў Фёдар Кірылавіч, камандзір артылерыйскага палка; лейтэнант Асіпенка Мікалай Уладзіміравіч і іншыя.

Нямецкая армія, негледзячы на значныя страты, у першыя месяцы  вайны акупіравала значную частку тэрыторыі краіны, у тым ліку і Беларусі.

Гора і слёзы прынёс “новы парадак” фашысцкіх катаў жыхарам Рагіні і іншых вёсак. Акупанты ўступілі ў Рагінь 10 жніўня 1941 года. (Немцы ўступілі ў Рагінь вечарам 13 або раніцай 14 жніўня - заўвага рэд.) З першых дзён яны імкнуліся прыцягнуць на свой бок савецкіх людзей, дзейнічалі пагрозамі і расправай.

Ужо праз некалькі дзён пасля пачатку акупацыі, у вёсцы Рагінь былі растраляны камуністы Кузняцоў Апанас Яфімавіч, старшыня сельскага Савета;  Габрусеў Мікалай Аляксандравіч, старшыня калгаса “Пралетарый”, а таксама ні ў чым не вінаватыя жыхары вёскі Рагінь, якіх абвінавацілі ў забойстве нямецкага салдата: Асіпенка Ілья Іванавіч, Навакоўскі Адам, Вараб’ёў Макей Паўлавіч, Мядзведзеў Павел, Шаблоўскі Сямён Васільевіч.

На працягу ўсяго перыяду гаспадарання акупантаў мясцовае насельніцтва было абкладзена цяжкімі павіннасцямі і падаткамі. У пачатку кожны двор, дзе жыла сям’я менш 5 чалавек, аддаваў карову, а потым не лічыліся ні з чым і забіралі ўсё, што пападалася пад руку: яйкі, сала, птушак, хлеб і інш.

Быў выбраны стараста і створана паліцыя, куды пайшлі у першую чаргу людзі, якія варожа адносіліся да Савецкай улады. Першапачаткова старастай быў выбраны Жукаў Андрэй Яўменавіч, потым Салонікаў Іван Мітрафанавіч. Апошні быў забіты немцамі за сувязь з партызанамі.

Паліцыя стваралася ў канцы 1941 года, куды залічвалі не столькі дабраахвотна, колькі насільна. З мэтаў ўхіліцца ад службы ў паліцыі некаторыя грамадзяне нават калечылі сябе самі. Так жыхар вёскі Рагінь Паўлючкоў Уладзімір Сцяпанавіч, 1926 года нараджэння, адсек сабе тры пальцы на левай руцэ, пасля чаго тайна ад немцаў лячыўся ў ветэрынарнага фельдшара Асіпенкі Е.І., а потым добраахвотна пайшоў у партызаны і загінуў у час Лозаўскага бою ў 1943 годзе.

Узрастала супраціўленне мясцовых жыхароў. Ужо ў 1941 годзе на тэрыторыі Буда-Кашалёўскага раёна  былі створаны першыя партызанскія атрады. На Рагіншчыне таксама ствараецца атрад народных мсціўцаў, арганізатарамі якога былі Дземчанка Аляксей Мікалаевіч, якога пакінулі на тэрыторыі Буда-кашалёўскага раёна для арганізацыі падпольнай работы, Мацюшкоў Пётр Яфрэмавіч, Кандраценка Трафім, Жаркін і іншыя.

Сувязнымі партызан былі Асіпенка Е.І., Сальнікава Паліна Мікалаеўна, Барысава Марыя Прахораўна, Кажэўнікаў Радыён. У 1942 годзе многія жыхары вёскі Рагінь з’яўляліся партызанамі і разгарнулі актыўныя дзеянні супраць акупантаў і іх прыхвастняў з ліку мясцовых жыхароў.  У 1943 годзе нямецкае камандаванне прыняла рашэнне аб наступленні, з мэтаю акружыць і знішчыць партызан. У Лозаўскім лесе адбыўся бой, у якім удзельнічалі  тры партызанскіх брыгады супраць дывізій рэгулярнай нямецкай арміі. У час бою партызаны нанеслі цяжкае паражэнне немцам, прарвалі кольца акружэння і выйшлі пераможцамі. Немцы і ўласаўцы страцілі забітымі некалькі соцен салдат і афіцэраў. У ліку ўдзельнікаў гэтага бою былі рагінцы Чарнякоў Аркадзій Фёдаравіч, Плісаў Міхаіл Архіпавіч і іншыя.

За перыяд акупацыі многія жыхары вёскі Рагінь былі адпраўлены на работу ў Германію.

Маёмасць мясцовых калгасаў і МТС была разрабавана, гаспадарчыя пабудовы спалены або разбураны. У вёсцы Рагінь былі спалены сельмаг, будынак сельскага Савета, кантора саўгаса, бібліятэка, праўленне сельпо,  дамы многіх калгаснікаў і рабочых. Поўнасцю былі спалены дамы калгаснікаў і гаспадарчыя пабудовы пасёлка “Чырвоны сцяг”.

З першых дзён гаспадарання немцаў грамадзяне яўрэйскай нацыянальнасці, якія жылі ў вёсцы Рагінь, былі адпраўлены немцамі ў Буду-Кашалёўскую і там растраляны: сем’і Русаковых, Якабсон, Смолкіных і інш.

Потым, па меры ўзмацнення супраціўлення мясцовага насельніцтва і пад уздзеяннем удараў Савецкай Арміі на франтах, жорсткасць нямецкіх акупантаў узмацнілася. У апошнія месяцы і дні акупацыі ўсе мясцовыя жыхары хаваліся ў лесе, ў бліндажах. Аднак і там іх адшуквалі нямецкія каты, многія жыхары загінулі. Перад самым адступленнем у лістападзе 1943 года ў Рагіні на паўночнай ускраіне вёскі ў пабудове былой бойні былі жывымі спалены каля 50 жанчын, старых і дзяцей.

У час акупацыі заняткаў у школе не было, а  памяшканне школы было пераўтворана немцамі ў канюшню для сваіх коней, палы былі разабраны, шкло ў вокнах выбіта, дзверы выламаны.

У лістападзе 1943 года на Рагіншчыне  прыйшоў канец фашысцкаму панаванню. Магутнае наступленне Савецкай Арміі прынесла збаўленне жыхарам Рагіні. А яшчэ праз паўтары  гады жыхары Рагіні разам з усім савецкім народам святкавалі Дзень Перамогі. Перамога над ворагам была заваявана цаной вялізных чалавечых і матэрыяльных страт.

У вёску Рагінь і навакольныя вёскі не вярнуліся сотні жыхароў, якія загінулі на франтах вайны. Многія ўдзельнікі вайны вярнуліся інвалідамі (Юранаў М., Чарнякоў В.С., Прыходзька М.Р., Гайкоў А.Н., Марцэвіч А. і іншыя). Мужна змагаліся ў гады вайны на франтах Шаўцоў К.Ф., Ільюшчанка П.І., Банадысеў П., Кандрацьеў І.Г.,  Шаўцоў, Шапавалаў і многія іншыя.

Многія ўдзельнікі вайны за баявыя заслугі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі Савецкага Саюза.

Паступова наладжвалася мірнае жыццё, аднаўляліся разбураныя прадпрыемствы, разрабаваныя акупантамі калгасы і саўгасы.

Калгас “Улада Саветаў” вясной 1944 года праклаў першую мірную баразну. Старшынёй калгаса адразу пасля вайны быў абраны Сальнікаў Аляксей Рыгоравіч.

У 1950 годзе калгас “Улада Саветаў” аб’яднаўся у адну гаспадарку з калгасамі “Камунар” і “Селянін”. У красавіку 1954 года калгас “Улада Саветаў” і калгас імя Карла Маркса былі рэарганізаваны ў саўгас “Рагінь”. (Рэарганізацыя адбылася ў 1958 годзе - заўвага рэд.)

Адразу пасля вызвалення Рагіні пачала працаваць і Рагінская школа. У 1953 годзе быў зроблены першы выпуск вучняў 10 класа. Працавала і школа рабочай моладзі. Усяго за пасляваенныя гады  да 1966 года атэстаты сталасці атрымалі больш  трохсотвасьмідзесяці чалавек. 15 чалавек закончылі школу з залатымі  і сярэбранымі медалямі. Большасць з выпускнікоў школы вучыліся абу вучацца у вышэйшых і сярэдніх спецыяльных вучэбных установах.

Цяжка знайсці вугалок у Савецкім Саюзе дзе б не было выпускнікоў нашай школы. У 1966 годзе у школе вучалася больш за 500 вучняў. Кожны год дзяржава на утрыманне Рагінскай школы затрачвала 50 800 рублей. У школе працуюць больш 30 настаўнікаў, якія маюць вышэйшую і незакончаную вышэйшую адукацыю.

У вёсцы з’явіліся электрычнасць, радыё, у кожнай 3-яй хаце ёсць тэлевізар, больш 30 дамоў рабочых і служачых газіфікаваны. У вёсцы працуе АТС, ёсць клуб са стацыянарнай кінаўстаноўкай, ёсць сельская бібліятэка. У кожны двор паштальёны прыносяць газеты і часопісы. У саўгасе працуе грамадская лазня, ёсць чатыры магазіны, у тым ліку кніжны.

Жыхары Рагіні памятаюць тых, хто аддаў сваё жыццё за счасце свайго народа. У гэтым годзе быў закладзены мемарыяльны парк і адкрыты помнік жыхарам Рагіні, якія загінулі ў барацьбе за свабоду і незалежнасць нашай Радзімы.

Апошні запіс зроблены 3 снежня 1966 года ў дзень 100-годдзя са дня заснавання Рагінскай школы.

(Школа ў Рагіні пачала дзейнічаць у 1863 годзе - заўвага рэд.)

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.